• Image 01
  • Image 03
  • Image 04
  • Image 05

Патрыятычнае выхаванне — патрабаванне часу

Актуальныя аспекты арганізацыі выхаваўчай і ідэалагічнай работы ў сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь і шляхі яе ўдасканалення абмеркавалі ўдзельнікі рэспубліканскага семінара, які праходзіў у рамках свята “Гродна — маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь —2021”.

У семінары, што адбыўся ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, прынялі ўдзел намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка, міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Бе­ларусь — інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч. Сярод удзельнікаў былі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыя­нальнага сходу Беларусі, прадстаўнікі дзяржаўных арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў, намеснікі старшынь абласных, гарадскіх і раённых выканкамаў, якія курыруюць сацыяльную сферу, кіраўнікі структурных падраздзяленняў выканкамаў, рэктары ўстаноў вышэйшай адукацыі краіны, прадстаўнікі праваслаўнай царквы.

У пачатку семінара Юрый Караеў уручыў Падзяку Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за шматгадовую плённую працу, асабісты ўклад у развіццё навукі і інавацыйнай дзейнасці, актыўную грамадскую дзейнасць рэктару Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірыне Кітурка.

— Кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача распрацаваць дзяржаўную праграму патрыятычнага выхавання насельніцтва, пра што ішла гаворка і на шостым Усебеларускім народным сходзе, — засяродзіў увагу ўдзельнікаў, адкрываючы семінар, Ігар Карпенка. — Работа ў гэтым кірунку ўжо вядзецца ў рамках дыялогавых пляцовак, сустрэч са студэнтамі, і семінар таксама з’яўляецца яе ключавым момантам. У цэлым вызначаны падыходы да распрацоўкі праграмы, фактычна завершана яе канцэп­цыя. У найбліжэйшы час будзе створана міжведамасная група. У сувязі з гэтым, я мяркую, на семінары таксама прагучаць канкрэтныя прапановы. Сёння нягледзячы на наяўныя дасягненні нельга спыняцца на дасягнутым. Сучасныя формы грамадзянска-патрыятычнага, духоўна-маральнага выхавання, у тым ліку ў адукацыйным працэсе, неабходна ўсяляк падтрымліваць і выкарыстоўваць з мэтай фарміравання ў маладых грамадзян Беларусі высокай сацыяльнай і грамадзянскай адказнасці, патрыятычных якасцей.

Міністр выказаў упэўненасць, што семінар вызначыць ключавыя пазіцыі, якія неабходна будзе адлюстраваць у праграме. І дадаў, што ўжо вядзецца работа па ўдасканаленні стратэгіі развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Акрамя гэтага, распрацоўваецца канцэпцыя развіцця сістэмы адукацыі да 2035 года, дзе таксама будуць прадстаўлены пытанні выхавання.

— Развіваючы эканоміку, умацоўваючы бяспеку, клапоцячыся пра культуру, здароўе і сацыяльную абароненасць грамадзян, мы імкнёмся бачыць перспектыву і планаваць будучыню і пры гэтым думаем пра тых, хто будзе яе будаваць, — пра нашу моладзь, — падкрэсліў, выступаючы на семінары, намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка. — Для нас важна, якой вырасце наша моладзь, чаму яна навучыцца, якія традыцыі і каштоўнасці ўбярэ ў сябе, на якія ідэалы будзе арыентавацца. Дзяржавай выбудавана дзейсная сістэма сацыяльнай падтрымкі моладзі ад атрымання адукацыі да працаўладкавання выпускнікоў і дапамогі маладым грамадзянам і іх сем’ям. Але падзеі апошняга часу, якія адбываюцца ў свеце, у тым ліку і ў нашай краіне, паказваюць, што гэтага ўжо недастаткова. На першы план выходзіць узровень выхавання грамадзян. Сапраўды, трываласць краіны пачынае вызначацца адказам на пытанне: ці даём мы моладзі пры ўступленні ў самастойнае жыццё разам з глыбокімі ведамі правільныя жыццёвыя арыенціры, ці фарміруем у яе моцны маральны стрыжань? У рэспубліцы склалася сістэма выхавання, якая нароўні з навучаннем з’яўляецца важным складнікам адукацыйнага працэсу. Але дзесьці гэтага ўжо недастаткова, асабліва ў фарміраванні грамадзянскіх, патрыятычных кампетэнцый моладзі. На звычайныя лозунгі і заклікі, а тым больш павучанні, маладыя людзі часта ўжо не адгукаюцца, але яны хочуць, каб з імі размаўлялі, прычым на роўных. І галоўнае, каб іх чулі. Пакуль нас хочуць слу­хаць, гэта і трэба выкарыстоўваць.

Намеснік прэм’ер-міністра ўпэўнены, што трэба ствараць адкрытыя дыскусійныя перагаворныя пляцоўкі з шырокім прыцягненнем моладзі, прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання, грамадскіх структур, бізнесу, духавенства і іншых сфер. Толькі ў такіх жывых зносінах можна вызначыць і ўзяць на ўзбраенне дзейсныя формы работы па выхаванні ў моладзі патрыятызму і грамадзянскай адказнасці за свой выбар, дзеянні і ўчынкі. Такая работа праводзілася і раней. Цяпер яна павінна атрымаць новае дыханне. Але пакуль яшчэ існуе разрозненасць ініцыятыў. Іх варта аб’яднаць у цэласную сістэму. Гэта дазволіць дасягнуць у пытаннях выхавання адзінства ўсіх сацыяльных інстытутаў: школы, сям’і і грамадскасці. Вырашэнню гэтай задачы павінен служыць і гэты семінар.

— Не падлягае сумненню, што ў нас праводзіцца дастаткова вялікая колькасць розных мерапрыемстваў патрыятычнай накіраванасці, арыентаваных на дзяцей і вучнёўскую моладзь, — дадаў Ігар Петрышэнка. — Аднак дарожная карта па патрыятычным выхаванні не павінна ўключаць толькі іх пералік. Крок за крокам, пастаянна і мэтанакіравана трэба ўзгадоў­ваць патрыятызм у душах дзяцей, падлеткаў, маладых людзей, пачынаючы з сям’і, працягваючы ў дзіцячым садзе, школе, УВА і потым працуючы з маладым спецыялістам. Асаблівая ўвага павінна быць удзелена фарміраванню паважлівага стаўлення да дзяржаўнай сімволікі. Сёння ва ўсіх установах адукацыі краіны ёсць адпаведныя куткі. Вядзецца работа па папулярызацыі дзяржаўнай сімволікі. Але гэта ў большай ступені разавыя мерапрыемствы. Дзейнасць у гэтым кірунку павінна ажыццяўляцца штодзённа з выкарыстаннем замежнага вопыту, добрых традыцый савецкага перыяду нашай гісторыі. Напрыклад, у многіх краінах у дзіцячых садках і школах штодня праходзіць урачыстая цырымонія ўзняцця Дзяржаўнага сцяга і выканання гімна. Калісьці і ў нас у піянерскіх лагерах дзень пачынаўся з лінейкі і ўзняцця сцяга. Неабходна, каб работа па папулярызацыі дзяржаўнай сімволікі набыла маштабны і сістэмны характар, у яе павінен быць уцягнуты кожны грамадзянін краіны.

Гаворачы пра ролю ўстаноў адукацыі, намеснік прэм’ер-міністра падкрэсліў, што ўжо ў бягучым навучальным годзе неабходна ўзмацніць ідэалагічны змест вучэбна-выхаваўчага працэсу, забяспечыць яго нарматыўнае і навукова-метадычнае суправаджэнне. Ключавое звяно тут — настаўнік. Менавіта яго дзей­насць з’яўляецца вызначальным фактарам фарміравання грамадзянскай пазіцыі дзяцей і моладзі. Грамадзянскасць фарміруецца ў тым ліку і пад уздзеяннем асабістага прыкладу настаўніка, выкладчыка, выхавальніка.

— Дзяржаўная палітыка была і будзе накіравана на падтрымку настаўніка, стварэнне спрыяльных умоў для яго працы. Мы паслядоўна будзем вырашаць задачы па павышэнні заработнай платы педагогаў і давядзенні яе да канца бягучай пяцігодкі да 100 працэнтаў ад узроўню сярэдняй па краіне. У найбліжэйшы час Міністэрства адукацыі разгледзіць пытанне разгрузкі настаўніка ад непатрэбнай папяровай работы. У той жа час мы чакаем, што школа стане эфектыўным цэнтрам выхаваўчай работы, — адзначыў Ігар Петрышэнка.

Начальнік галоўнага ўпраўлення Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык спыніўся на пытанні ўдасканалення рэгіянальнай сістэмы выхаваўчай і ідэалагічнай работы з дзецьмі і моладдзю. Ён падкрэсліў, што вядучая роля ў фарміраванні светапогляду грамадзяніна належыць сістэме адукацыі. У рэгіёне назапашаны пэўны вопыт работы ў гэтым кірунку.

Пра гістарычную памяць як рэсурс выхавання патрыя­тызму вучнёўскай моладзі гаварыў у сваім дак­ладзе рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспуб­лікі Беларусь Вячаслаў Даніловіч. Нікога ў зале не пакінула абыякавым выступленне старшыні Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі Фёдара Поўнага, які акрэсліў духоўна-маральны код беларусаў.

Тэме выхавання грамадзяніна, патрыёта, сем’яніна як місіі ўніверсітэцкай адукацыі прысвяціла сваё выступленне рэктару ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. А тэма выхаваўчага патэнцыялу ў турыстычна-края­знаўчай і экалагічнай дзейнасці гучала ў выступленні дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і края­знаўства Алены Ануфровіч. Пра дзейнасць Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі ў частцы сістэ­мы выхаваўчай работы расказаў першы сакратар Цэнтральнага камітэта ГА “БРСМ” Дзмітрый Варанюк. З дзейнасцю Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі ў кантэксце тэмы семінара расказала яго старшыня Таццяна Якубовіч. Пытанні выхаваўчай і ідэалагічнай работы гучалі і ў выступленнях іншых удзельнікаў семінара.

Падводзячы вынік, Ігар Петрышэнка падкрэсліў, што трэба працягваць такі дыялог, што будзе садзейнічаць рэалізацыі лепшых напрацовак, і дадаў: “Неабходна разам працаваць над вырашэннем агульных задач, каб у нашай краіне было адзінства, незалежнасць і развіццё”.

Источник