Малейкаўская сярэдняя школа ўрачыста адсвяткавала 80-гадовы юбілей

…У калідорах перад пачаткам урачыстага мерапрыемства людна. Сённяшнія і былыя вучні, дзеці і бацькі, настаўнікі і госці – усе вітаюцца, радуюцца таму, што зноў прыйшлі ў сваю родную школу. Юбілей стаў добрай нагодай для многіх успомніць пра дзяцінства і юнацтва, пра перыяд сталення і самастойнасці, пра першыя пяшчотныя пачуцці і моцнае сяброўства.

Афіцыйным днём нараджэння навучальнай установы з’яўляецца 1 верасня 1939 года. І вось ужо 80 гадоў у Малейках кіпіць школьнае жыццё: першыя званкі, першыя ўрокі, новыя веды, сябры, экзамены, выпускныя… Змяняюцца пакаленні настаўнікаў і вучняў, але традыцыі застаюцца, яны беражліва захоўваюцца тымі, хто прыходзіць на змену.

Як заўважылі вядучыя мерапрыемства, добры гаспадар заўсёды прапаноўвае сваім гасцям паглядзець сямейны альбом. І прысутныя на свяце з дапамогай архіўных фотаздымкаў накіраваліся ў мінулае Малейкаўскай школы. Па словах сведкаў, у гады Вялікай Айчыннай вайны навучальная ўстанова не працавала, а ў яе старым памяшканні размяшчаўся нямецкі штаб. Сучасны будынак школы адкрыўся ў студзені 1981-га.

Вельмі шмат вясёлых і сумных момантаў са школьнага жыцця памятае і стары школьны званок. Ён штогод сустракае дзяцей маленькімі нявопытнымі першакласнікамі і адчыняе дзверы ў невядомую будучыню ў выпускных класах. Ганаровае права даць школьны званок на юбілейным мерапрыемстве было прадастаўлена выпускніку 1986 года Уладзіміру Корхаву і выпускніцы 1998-га Таццяне Лі. Дарэчы, Таццяна Валер’еўна сёння з’яўляецца дырэктарам навучальнай установы. Пад яе кіраўніцтвам працуюць 47 работнікаў, у тым ліку 25 настаўнікаў. Усяго ж за 80 гадоў у школы змянілася 14 кіраўні-коў.

Вядома, любая школа славіцца сваімі вучнямі, ёсць кім ганарыцца і Малейкаўскай СШ. Так, яна выпусціла дзевяць “залатых” і пяць “сярэбраных” медалістаў. А ў гэтым навучальным годзе шэсць школьнікаў сталі пераможцамі раённых прадметных алімпіяд. Ёсць яе прадстаўнікі сярод пераможцаў абласнога фестывалю “Дзень Зямлі” і абласнога этапа конкурсу фотарабор “Зямля пад белымі крыламі”. Шэсць дыпломаў заваявана ў абласных спартыўных спаборніцтвах.

З прывітальнымі словамі да прысутных звярнулася на-чальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Галіна Васяновіч, якая адзначыла, што галоўная рухальная сіла навучальнага працэсу – гэта настаўнікі, а ў Малейкаўскай СШ шмат майстроў сваёй справы. Пажадала ўсім здароўя, поспехаў і новых творчых перамог старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Валянціна

Яшчанка. Госці ўручылі школе-юбіляру кветкі і грашовы сертыфікат на абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы.

У ліку ганаровых гасцей свята – Ганна Бабрынёва, якая падчас работы начальнікам раённага аддзела адукацы і намеснікам старшыні райвыканкама шмат зрабіла для ўстановы. Ганна Мікалаеўна падзякавала за запрашэнне, пажадала супрацоўнікам школы заўсёды быць дружнымі і згуртаванымі, тады ўсе задачы, якія стаяць перад навучальнай установай, будуць вырашацца паспяхова.

– 80-гадовая гісторыя Малейкаўскай СШ – гэта 3500 выпускнікоў, 14 медалёў, больш за 100 пахвальных лістоў і больш за 1000 разнастайных грамат, – адзначыла ў сваім выступленні дырэктар школы Таццяна Лі. Яна таксама перадала лісты з падзякай старшыні мясцовага сельскага Савета Пятру Кудану і дырэктару ААТ “Пераможнік” Сяргею Карпенку за падтрымку і дапамогу, у тым ліку і ў падрыхтоўцы школы да навучальнага года.

Шмат цёплых слоў у той дзень пачулі ў свой адрас ветэраны педагагічнай працы, хвілінай маўчання ўшанавалі прысутныя памяць аб тых, хто ўжо пайшоў з жыцця.

Дзякуючы відэафільму, запрошаныя даведаліся, як жыве навучальная ўстанова сёння, чым захапляюцца яе вучні і як праводзяць вольны час. Не пакінулі абыякавымі нікога таксама кранальныя вершы, душэўныя песні і дынамічныя танцы ў іх выкананні.

А яшчэ на свяце загарэліся сем свечак, якія сімвалізавалі Дзяцінства, Юнацтва, Мудрасць, Сяброўства, Любоў, Веру і Надзею. Іх запалілі вучні, выпускнікі і настаўнікі школы, а таксама ганаровыя госці мерапрыемства.

Малейкаўская СШ працягвае звінець дзіцячымі галасамі, для сваіх вучняў яна стала сапраўдным другім домам. Значыць, гісторыя школы не заканчваецца...