Настаўнік у маім жыцці 

Колькі ўжо мінула зім і вёснаў, праляцела сонечных дзён лета, і, як бы там ні было, кожны раз нас, настаўнікаў, сустракае цёплы верасень. Хтосьці становіцца на новы прыступак з натхнёнасцю, з радасцю новых сустрэч і перамог, а хтосьці з нейкім сумам у душы. Гэтыя пачуцці апаноўваюць нас заўсёды, толькі ў кожнага яны розныя. І розныя пачуцці і думкі ў кожнага настаўніка наконт абранай прафесіі. Некаторыя думаюць: “Які чорт мяне сюды занёс?” або “Ці не было якой іншай прафесіі, больш карыснай у плане фінансаў, ці больш спакойнай?” А некаторыя лічаць, што няма на свеце нічога прыемней, чым удзячныя вочкі вучняў, іх цікаўны і задуменны позірк. А колькі шчаслівых момантаў і перажыванняў ад таго, што ёсць поспех у нашай нялёгкай працы: гэта і перамога на алімпіядах, і высокія балы на ЦТ, і шматлікія конкурсы… Усё гэта патрабуе неймаверных намаганняў як з боку вучняў, так з боку і настаўнікаў.

Настаўнік адыгрывае важную ролю ў жыцці чалавека не толькі пад час навучання, але і на працягу далейшага лёсу. Чаму? Ды таму, што ў большасці выпадкаў на выбар прафесіі ўздзейнічае настаўнік: падказвае, тлумачыць, накіроўвае на правільны шлях. Аднойчы я задала сабе такое пытанне: хто ж паўплываў на мой выбар прафесіі? І я злавіла сябе на думцы, што калі ў кагосьці і ёсць адзіны, той самы настаўнік жыцця, які дапамог у выбары прафесіі, я маю на ўвазе прафесію настаўніка, які паслужыў прыкладам, то ў мяне зусім усё інакш. Вучылася  я ў Іялчанскай сярэдняй школе да 9 класа, потым пайшла вучыцца ў ліцэй у горад Гомель. Іх вось там, на прыканцы вучобы, я задумалася, куды пайсці вучыцца? Абдумаўшы ўсе “за” і “супраць” я выбрала прафесію настаўніка. Што ж паўплывала на гэта? Хоць гомельскія настаўнікі і былі дастойнымі канкурэнтамі, але мае, родныя, вясковыя, аказаліся лепшымі. Яны мяне навучылі не толькі чытаць, пісаць, лічыць, разважаць, але і быць дастойным чалавекам ў любой жыццёвай сітуацыі, любіць свой родны край, мову, народ. Яны мне на працягу усяго жыцця былі прыкладам у авалодванні прафесіяй настаўніка. Я ўспамінаю, што калі заканчваўся вучэбны год, і нам раздавалі рабочыя сшыткі, я вельмі любіла дома гуляць у школу: мой брат быў непаслухмяным вучем, а я - настаўніцай. Мне вельмі падабалася правяраць сшыткі чырвоным стрыжнем, а потым ставіць адзнакі ў імправізаваны журнал. Цягу да чытання мне прывілі таксама ў школе на ўроках беларускай і рускай літаратуры. Я прагна чытаю кнігі і да гэтага часу.

Хацелася б адзначыць, што было б несправядліва назваць імя аднаго настаўніка, які аказаў на мяне найбольшы ўплыў, бо я не люблю, калі гавораць “мой любімы настаўнік”. Усе дастойныя гэтых слоў. Менавіта для мяне, гэты вобраз зборны. За любоў да роднай мовы я павінна дзякаваць Галіне Мікалаеўне Папянковай, за адкрыццё цікавага свету рускай літаратуры – Людміле Іванаўне Барзілоўскай, за знаёмства з таямніцамі гісторыі - Ганне Іванаўне Бельчанцы. Таксама не магу не назваць імён Марыі Кузьмінічны Зелянкоўскай і Марыі Пятроўны Пеньковай, якія таксама адыгралі важную ролю у маім выбары прафесіі. Пра Таццяну Мікалаеўну Нікалаенку я хачу сказаць, што гэтая жанчына сумяшчае ў сабе якасці дабрыні, справядлівасці, прыгажосці душэўнай і знешняй. Усе яны настаўнікі з вялікай літары. Добрыя, чэсныя, адданыя сваёй працы. Калі я пра іх успамінаю, маю душу перапаўняюць пачуцці замілаванасці, чагосьці светлага, поўнага міру і спакою. Вялікі дзякуй ім за ўсё, нізкі паклон!

Падводзячы вынік усяго сказанага, хочацца адзначыць, што настаўнікамі не нараджаюцца, а становяцца на працягу жыцця тыя, якія памятаюць наказы і павучанні сваіх настаўнікаў. І яшчэ спадзяваюся, што мне таксама давядзецца пакінуць такі ж след у чыімсьці жыцці. Стаць настаўнікам чыйгосьці жыцці.