Брагінскі цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі адзначыў 15-годдзе

Вось ужо 15 гадоў спецыялісты і выхаванцы Брагінскага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі ідуць асаблівай дарогай – дарогай дабра. І гэта адчуваецца ва ўсім: у чулым і мудрым кіраўніку, у клопаце і цярпенні, з якімі ставяцца да сваёй справы педагогі, у дзецях, для якіх установа стала другім домам, дзе ім утульна і камфортна.

Свой юбілей цэнтр адзначыў у гэтую сераду. Як і належыць, у святочны дзень тут сабралася шмат гасцей, гучалі самыя цёплыя словы і ўручаліся падарункі. Кіраўнік установы Іна Повад падзякавала ўсіх, хто прыйшоў раздзяліць гэту радасную падзею. У іх ліку старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Валянціна Яшчанка, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Вольга Мендзелева, настаяцель храма свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Брагіне айцец Уладзімір і інш.

Работнікам цэнтра, а гэта людзі, якія не на словах, а на справе дэманструюць лепшыя чалавечыя якасці – душэўнасць, бескарыслівасць, міласэрнасць, самааддачу, былі ўручаны граматы.

Сваімі талентамі парадавалі гледачоў і дзеці, і дарослыя. Асабліва чакалі свайго выхаду на сцэну выхаванцы, якія нягледзячы на праблемы са здароўем, вывучылі песні і вершы, падрыхтавалі  танцы.

Душэўная сустрэча спадабалася ўсім. Добрыя адносіны, якія ўсталяваліся за гэтыя гады паміж спецыялістамі цэнтра, дзецьмі і іх бацькамі, без сумненняў, застануцца назаўжды.