ДОБРО ПОЖАЛОВАТЬ НА ОФИЦИАЛЬНЫЙ САЙТ ГОМЕЛЬСКОЙ ОБЛАСТНОЙ ОРГАНИЗАЦИИ 
БЕЛОРУССКОГО ПРОФЕССИОНАЛЬНОГО СОЮЗА РАБОТНИКОВ ОБРАЗОВАНИЯ И НАУКИ!

Меркаванне: як адрадзіць прэстыж прафесіі

Можна бясконца спрачацца, вызначаючы самыя разнастайныя крытэрыі прэстыжнасці прафесіі, але, на мой погляд, ёсць тры ключавыя пункты, якія прадвызначаюць імкненне людзей выбіраць тое ці іншае рамяство.

Хочацца верыць, што пры выбары будучай прафесіі чалавекам перш за ўсё кіруюць прызначэнне, грамадзянскі абавязак і ўласнае ўсведамленне таго, што гэта маё, гэта тое, чым я на самай справе магу і хачу займацца. Лічу, што ў сучасным грамадстве справа ідзе інакш. У першую чаргу асноўным фактарам выбару той ці іншай прафесіі становіцца будучая заработная плата. Упэўнены: тыя, хто сцвярджае, што заробак не галоўнае, у пераважнай большасці хітруюць, або ў іх ёсць іншая крыніца даходаў. Па-другое, будучая прафесія павінна быць запатрабаванай і сацыяльна значнай. У свядомасці большасці людзей быць сантэхнікам менш прэстыжна, чым, скажам, праграмістам, нягледзячы на тое, што прафесійныя сантэхнікі на вагу золата і зарабляюць вельмі прыстойна. Ну і, нарэшце, пенсіённыя перспектывы. Усе мы рана ці позна адыходзім ад асноўных спраў, але жыццё працягваецца, а для многіх у гэты момант яно толькі пачынаецца.

У бягучым навучальным годзе я працую крыху менш, чым на палову стаўкі, але пры гэтым праводжу за праверкай розных дамашніх, класных, індывідуальных, лабараторных, самастойных і кантрольных работ у сярэднім каля 7 астранамічных гадзін у тыдзень, каля 400 хвілін. Аплачвае мне толькі 0,4 акадэмічнай гадзіны ў тыдзень, што складае 18 хвілін. Хіба гэта павага? Грошы на набыццё метадычнай літаратуры мне не выплачваюцца, паколькі я маю недастатковую для гэтага нагрузку. Калі ў мяне палова стаўкі і больш — выплата ідзе, менш — не. Як мне павышаць свой узровень метадычнай падрыхтоўкі? Як звычайна, за свой кошт! А колькі ніяк не аплачанага дзяржавай працоўнага часу настаўнік затрачвае на складанне заданняў паўрочнага і тэматычнага кантролю! Мяне кожны раз абурае, калі пачынаюць падазраваць педагогаў у тым, што яны не адпрацоўваюць аплачаны ім час у поўным аб’ёме, і праводзяць праверкі належнага выканання настаўнікамі працоўнага графіка.
Не так даўно два дні — у суботу і нядзелю — я працаваў у складзе журы гарадской алімпіяды па фізіцы. У якасці кампенсацыі за работу ў выхадны дзень (нядзелю) мне далі дзень адпачынку без захавання заработнай платы. Хочаце — верце, хочаце — не, але такая форма кампенсацыі прапісана ў Працоўным кодэксе Рэспублікі Беларусь і дае наймальніку такое права. Ну і што, што не заплацілі за выкананую табой работу. Ты ж быў уключаны ў склад гарадскога журы, гэта ж прэстыжна, хіба гэтага мала?! Цудоўна, канечне, дзякуй за давер і прызнанне нейкага ўзроўню майго прафесіяналізму, але… Мне не даюць у магазіне прадукты харчавання і адзенне проста так — просяць даць узамен грошы.

Ёсць яшчэ адзін прынцыпова важны момант — адносіны да настаўніка з боку грамадства ў асобе бацькоў навучэнцаў. Калі чалавек захварэў, ён звяртаецца да ўрача ў надзеі атрымаць правільнае лячэнне. Ён, безумоўна, давяраецца яму, бо прызначэнне доктара— лячыць, і менавіта меркаванне доктара ў выбары спосабу лячэння павінна быць вызначальным. Прызначэнне настаўніка — вучыць, і гэта ён, ведаючы дзіця, павінен прыняць рашэнне, якая методыка будзе для вучня найбольш эфектыўнай, у класе якога напрамку ён можа вучыцца і як бацькі павінны дапамагаць настаўніку развіваць іх дзіця. Сантэхнікі, інжынеры, будаўнікі, кухары — усе, хто захоча, толькі не педагогі ведаюць, як правільна вучыць дзяцей, якімі падручнікамі карыстацца педагогу, колькі задаваць на дом, якія пытанні выкарыстоўваць падчас кантролю ведаў і, што самае важнае, якія адзнакі павінны атрымліваць іх дзеці. Навошта тады прыводзіць сваіх дзяцей у школу, калі вы, паважаныя бацькі, усё ведаеце лепш за педагога? Але што здзіўляе больш за ўсё, дык гэта тое, што ў падобных выпадках кіраўнікі ўстаноў адукацыі ідуць на павадку ў бацькоў, ні ў грош не ставячы прафесійнае меркаванне сваіх педагогаў, — галоўнае, каб бацькі скаргу не напісалі, а то прыйдзецца адпісвацца, ды яшчэ і прэміі пазбавяць.
З аднаго боку, дзяржава пагаджаецца з тым, што зарплата педагога пакуль “не вельмі”, але пры гэтым нагадвае, што, у адрозненне ад многіх іншых, у нас адсутнічае нарміраваны працоўны час, што мы летам два месяцы адпачываем, ды яшчэ і канікуламі не менш за месяц набягае — ні ў каго больш такіх прэферэнцый няма! А мне так здаецца, што лепш бы працоўны час у нас быў нарміраваны, а то пад гэтую марку настаўніку пастаянна што-небудзь прыдумваюць, акрамя таго, што ён абавязаны рабіць. Нязменных два месяцы водпуску летам? Не памятаю, калі ў мяне быў апошні паўнацэнны адпачынак. Работа ўсё роўна працягваецца: рыхтуеш да новага навучальнага года рабочую дакументацыю, пішаш справаздачы аб праведзенай рабоце, кабінет неабходна рыхтаваць да новага навучальнага года…
Хіба педагогі атрымліваюць нейкі сацыяльны пакет, якую-небудзь сацыяльную падтрымку? Зноў жа не!

Парадак паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Рэспублікі Беларусь усім вядомы. Неабходна прадэманстраваць свае веды на цэнтралізаваным тэсціраванні па трох прадметах і дабавіць да вынікаў тэсціравання сярэдні бал атэстата. Магчымы максімум — 400 балаў. І калі па ўсіх трох прадметах ты пераадолеў планку прахаднога бала, які дазваляе табе разлічваць у прынцыпе на прыём дакументаў той ці іншай УВА Беларусі, пара займаць сваё месца пад сонцам. Як жа ў гэтым святле выглядаюць нашы “тэарэтычна будучыя” педагогі? Кажучы “тэарэтычна будучыя”, я, зразумела, улічваю, што далёка не ўсе з іх у канчатковым выніку стануць педагогамі. Не мудруючы, я сабраў інфармацыю аб выніках прыёму абітурыентаў на педагагічныя спецыяльнасці беларускімі УВА за апошнія тры гады: 2014, 2013 і 2012. У такой жа паслядоўнасці я і буду прыводзіць даныя аб прахадных балах, ну а вы мяркуйце самі.
Паводле інфармацыі, размешчанай на афіцыйным сайце Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, у будучых выкладчыкаў прахадныя балы былі наступнымі: “Матэматыка і інфарматыка” (124—115—123), “Фізіка і інфарматыка” (137—139—131), “Біялогія і хімія” (190—197—194), “Геаграфія” (152—199—216), “Гісторыя” (214—222—255), “Руская мова і літаратура” (234—188—241), “Беларуская мова і літаратура” (148—205—192), “Пачатковая адукацыя” (179—153—227).
Па інфармацыі, размешчанай на афіцыйным сайце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, будучыя педагогі закрылі набор на адпаведныя спецыяльнасці з наступным прафесійным патэнцыялам: “Матэматыка” (146—125—136), “Фізіка” (176—140—141), “Біялогія” (190—230—223), “Гісторыя” (209—234—252), “Руская філалогія” (210—194—204), “Беларуская філалогія” (215—217—284), “Пачатковая адукацыя” (159—конкурсу няма—183).
Афіцыйны сайт маёй альма-матар — Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова, на жаль, дае доступ толькі да інфармацыі аб прахадных балах прыёму ў 2014 годзе: “Матэматыка і інфарматыка” (145), “Фізіка і інфарматыка” (131), “Біялогія і хімія” (185), “Гісторыя” (229), “Руская мова і літаратура” (221), “Беларуская мова і літаратура” (158), “Пачатковая адукацыя” (147).
Карціна ў цэлым аднолькавая па ўсёй краіне: у большасці выпадкаў прахадныя балы складаюць менш за палову ад максімальна магчымых. Не ведаю, як вам, калегі, а мне страшна. Калі з тых лічбаў прахадных балаў, якія я прывёў, адняць сярэднія балы атэстатаў (а я думаю, што гэта не менш за 55—60 балаў у сярэднім па краіне), то становіцца зразумела, што за будучых педагогаў можна не турбавацца, паколькі яны самі за сябе не турбуюцца ніяк і зусім не саромеюцца сваіх адзінаццацігадовых “дасягненняў”. Турбавацца неабходна за сваіх дзяцей, паколькі вучыць іх хутка зусім не будзе каму. Шчыра кажучы, мне, напрыклад, было б проста сорамна, валодаючы сумай у 150—180 балаў з 400 магчымых, падаваць у прыёмную камісію на тую ці іншую педагагічную спецыяльнасць дакументы, фактычна заяўляючы тым самым, што я хачу вучыць дзяцей, хаця сам пры гэтым не змог навучыцца. Як можна вучыць кагосьці, калі ты сам за 11 гадоў нічога толкам не засвоіў?! Усім вядома, што мінімум дзве трэці з тых, хто падаў дакументы на педагагічныя спецыяльнасці, зрабілі гэта ад бязвыхаднасці — балаў мала, а ў армію, напрыклад, зусім не хочацца. Гэта да пытання аб прызначэнні.

Зрабі сёння сярэдні заробак настаўніка на сярэднееўрапейскім узроўні ў 1500 еўра — заўтра на педагагічных спецыяльнасцях адбою ад абітурыентаў не будзе, прахадныя балы наблізяцца да планкі мінімум у 300 балаў. Вось толькі ці ўсе гэтыя абітурыенты прыйдуць туды па прызванні? Ці ўсе яны будуць гатовы і здольны пакласці сваё жыццё на алтар навучання іншых? Не ўпэўнены! Абсалютна не ўпэўнены! Павінен працаваць дакладны механізм вызначэння прафесійнай прыдатнасці абітурыента да той ці іншай спецыяльнасці. У тым, што ёсць педагогі па прызначэнні, настаўнікі ад Бога, я ніколькі не сумняваюся, з некаторымі з іх знаёмы асабіста, вось толькі прызначэння і рэкамендацый Усявышняга недастаткова, каб ты мог працаваць настаўнікам. Добра было б яшчэ атрымаць адпаведную адукацыю, а то ж цябе, згодна з дзеючым заканадаўствам, не прымуць на работу ў навучальную ўстанову. Але абітурыент павінен вучыцца там, дзе ён можа, а не там, дзе ён хоча. Гэта добра, дарагі мой абітурыент, што ты хочаш тут вучыцца. Давай паглядзім, ці можаш ты. Гэта асабліва важна пры наборы будучых педагогаў, паколькі настаўнік павінен, па-першае, быць прадметнікам-прафесіяналам (з гэтым у нас сур’ёзныя праблемы), а па-другое, добрым псіхолагам (з гэтым проста катастрофа), ну і, нарэшце, проста любіць дзяцей. Але калі пайсці па такім шляху, то дзве трэці спецыяльнасцей можна смела закрываць, паколькі здольных да навучання на іх абітурыентаў проста не набярэцца. Многія вядучыя замежныя УВА — гэта перш за ўсё навуковыя цэнтры, у якіх вучоныя займаюцца разнастайнымі даследаваннямі, а ў вольны ад іх час працуюць са студэнтамі. Таму Кембрыджу, Оксфарду, Гарварду або Масачусетсу ўсё роўна, колькі яны набяруць студэнтаў. Не студэнты іх кормяць, і гэта дае магчымасць адбіраць выключна лепшых, але абавязкова са здольных. У нас усё крыху інакш. Якую ні вазьмі айчынную УВА — гэта велізарны калектыў выкладчыкаў, якія ў вольны ад выкладання час, магчыма, займаюцца навукай. І калі ў ходзе чарговай кампаніі той ці іншы ўніверсітэт не набярэ студэнтаў з разліку прыкладна 7—9 чалавек на аднаго штатнага выкладчыка, хтосьці застанецца без работы або ў лепшым выпадку,калегам прыйдзецца падзяліцца з выкладчыкам сваёй нагрузкай, а значыць, самім атрымліваць менш.
Памер пенсіі, на якую можа разлічваць педагог, непасрэдна залежыць ад памеру аплаты яго працы. Паколькі з апошнім справа пакуль складаная, то і на дастатковае пенсіённае забеспячэнне аўтаматычна спадзявацца не варта. У сувязі з гэтым лічу, што заробак настаўніка павінен быць выведзены на ўзровень эквіваленту не менш як 700—800 долараў ЗША для настаўніка з вышэйшай катэгорыяй і нагрузкай у памеры адной стаўкі.
Акрамя зарплаты, неабходна істотна перагледзець умовы працы настаўніка, вызначыць канкрэтны сацыяльны пакет для гэтай прафесіі. Стаўку, у прыватнасці, неабходна зніжаць, а не павялічваць. Многія настаўнікі вымушана працуюць на паўтары стаўкі, а то і больш, для таго каб больш-менш зарабляць, а не таму, што жадаюць. Мой без малога 20- гадовы вопыт працы пераконвае ў тым, што добрасумленна, якасна, эфектыўна працаваць больш чым на 14—15 гадзін у тыдзень немагчыма. Пры большай нагрузцы якасць выкладання непазбежна падае: настаўнік проста фізічна не здольны забяспечыць належную якасць сваёй працы.
У рабоце педагога ёсць і яшчэ адзін непрыемны момант. За мяне вырашаюць, якімі вучэбнымі дапаможнікамі я магу карыстацца, чаму і як мне вучыць дзяцей на факультатыўных занятках, а яшчэ і паўрочнае планаванне дасылаюць наўздагон і настойліва рэкамендуюць ім карыстацца. А ў чым тады роля настаўніка? Што значыць настаўнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, калі яму практычна не даюць магчымасці тварыць самастойна. Аб прафесійнай прыдатнасці педагога трэба мяркаваць не па тым, ці ў парадку ў яго ўсе неабходныя паперы, а, напрыклад, па выніках удзелу яго вучняў у цэнтралізаваным тэсціраванні. Неабходна спыніць, нарэшце, алімпіядны лакаматыў і адправіць яго на запасны пуць. Алімпіядны рух павінен існаваць па-за межамі асноўнага вучэбнага працэсу і не аказваць на яго паталагічнага ўплыву.
Шчыра перакананы ў тым, што развівацца і ўдасканальвацца можна пры ўмове, што ты не хлусіш самому сабе. Я імкнуўся быць як мага больш адкрытым і казаў пра тое, што лічу важным і сапраўдным. Ваша права — пагаджацца са мной або не, галоўнае — не хлусіць самім сабе. Настаўнік страціў магчымасць паўнацэнна працаваць, тварыць, а не паўтараць. Дзяржава і грамадства павінны давяраць яму, паважаць яго і яго працу, шанаваць яго дасягненні — а там і прэстыж прафесіі адродзіцца.