Радок за радком, старонка за старонкай з жыцця Адзінец Лідзіі Мартынаўны

Калі нарадзіўся ў 30-х гадах мінулага стагоддзя, то з вышыні сённяшняга часу можна прыгадаць многія падзеі: Вялікую Айчынную вайну, Дзень Перамогі, прарыў чалавецтва ў космас, Чарнобыльскую трагедыю…

Гэта ўсё бачыла на свае вочы Лідзія Мартынаўна Адзінец, ветэран педагагічнай працы, выдатнік народнай асветы, чалавек з багатым жыццёвым і настаўніцкім вопытам.

З дзевяностагадовай прыступкі можна ўбачыць і кросны ў сялянскай хаце, і дымную газнічку і параўнаць гэта ўсё з сённяшнім жыццём.

У Лідзіі Мартынаўны добрая памяць, якая захоўвае нямала імён і дат. А яшчэ ёсць запісная кніжка, якой ужо больш за шэсцьдзесят гадоў. Бывае, што іншы раз прыходзіцца ўжо заглядаць у яе, каб прыгадаць нейкія падзеі.

Напярэдадні юбілею мы зноў наведаліся да Лідзіі Мартынаўны, каб павіншаваць і проста пагутарыць.

Разглядаем сямейны альбом былой настаўніцы і слухаем яе аповед:

– Нарадзілася ў сялянскай сям’і. Працавітасць маіх бацькоў (Мартына Рыгоравіча Адзінца -  1887 года нараджэння і Фёклы Васільеўны  Адзінец (Самуйлік у дзявоцтве) - 1903 года нараджэння) прывучыла мяне з малых гадоў да таго, што жыццёвы хлеб здабываецца нялёгкай працай, штодзённымі клопатамі. Бацькі  працавалі ў калгасе “Чырвоны воін”.

У сям’і было шасцёра  дзяцей: чатыры браты і дзве сястры.                        

Лідзія Мартынаўна беражліва разам з намі разглядае фотаздымкі і з сумам гаворыць: “З нашай вялікай сям’і адна я засталася. Рана пайшлі з жыцця Рыгор, Васіль, Віця, Іван і адзіная сястрычка. Нядоўгім было жыццё і бацькі. Ён быў моцна паранены ў час Першай сусветнай вайны. Доўга лячыўся ў лазарэце. Маці атрымала на яго дзве пахаванкі, але лёс падараваў яму жыццё.У гады Вялікай Айчыннай вайны дапамагаў партызанам, бо па стану здароў’я з-за раненняў быў камісаваны (далі “белы білет”).”

Лідзія Мартынаўна прадаўжае ўспаміны пра бацькоў. Яна прыгадвае, што ў 1949 годзе бацькі не стала. Конь стукнуў нагою ў жывот. Дактарам не ўдалося выратаваць яго жыццё. Маці  пражыла дзевяноста год, і  ўвесь гэты час побач з ёй была клапатлівая дачка Лідзія Мартытаўна.

Наша гутарка працягваецца. Нам хочацца даведацца пра маленства ветэрана працы:

– Асаблівых забаў і гульняў , як у сённяшніх дзяцей, не было. Шмат працавалі, дапамагалі дарослым. Калі пачалася вайна, мне было адзінаццаць гадоў, але мая памяць і да гэтага часу захоўвае гэтыя падзеі.У мяне было дзве самыя дарагія сяброўкі: Бясвіцкая Глафіра Рыгораўна і Велімовіч Іна Іванаўна. Іну разам з сям’ёй спалілі ў вайну.

Пасля вайны трэба было абжывацца, шукаць нейкую працу. Паступіла   ў  педагагічны інстытут, бо лічыла, што гэта самая цікавая і патрэбная прафесія. У той час настаўнік на сяле лічыўся найбольш адукаваным і паважаным чалавекам, нават ільготы былі: забяспечвалі дрывамі, аплачвалі электрычнасць.

Лідзія Мартынаўна добра памятае першае месца сваёй працы – Мільская сямігадовая  школа Навасёлкаўскага сельскага савета Пастаўскага раёна Маладзечанскай вобласці.

Працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Многія выхаванцы Лідзіі Мартынаўны ўжо пенсіянеры, многія сталі знакамітымі людзьмі. Праўда, не ўсе засталіся ў Беларусі, раз’ехаліся па ўсіх кутках свету. Не-не, ды і прыйдзе віншавальная паштоўка з нагоды якога- небудзь свята ці дня нараджэння. А што яшчэ настаўніку патрэбна?! Толькі б не забывалі.

Лідзія Мартынаўна цікавіцца, як ідуць справы ў роднай школе. Найпершай крыніцай інфармацыі для яе з’яўляецца мясцовая газета “Чырвоны кастрычнік”.

– Што напішуць пра нашу школу, я абавязкова прачытаю, нічога не прапушчу. Вельмі радуюся, калі чытаю пра поспехі вучняў і іх настаўнікаў.  Я цікаўлюся не толькі падзеямі ў нашым раёне, але і навінамі ўсёй краіны. Выпісваю і чытаю газету “Савецкая Беларусь”, часопіс “Гаспадыня”.

На пытанне, ці шкадуе аб чымсьці, ці хацелася б пражыць неяк па-іншаму, Лідзія Мартынаўна ні на хвіліну не задумаўшыся, адказвае, што шкадавання ад пражытага і зробленага няма, бо заўсёды працавала сумленна, шчыра, самааддана, што яна не памылілася, выбраўшы педагагічную працу: працавала ж  з самым  дарагім – з дзецьмі.

Нягледзячы на свой узрост, сама спраўляецца з дамашнімі клопатамі. А якая чысціня ў хаце!  На вокнах любімыя пакаёвыя кветкі – бегоніі і пеларгоніі, лекавыя расліны – аліяс, залаты  вус.

Наша суразмоўца чалавек творчы і энергічны. Яна цікавая сваім шырокім кругаглядам, сваімі ведамі з самых розных галін, з  ёй заўсёды можна пагаварыць на самыя хвалюючыя, актуальныя тэмы. Былая настаўніца любіць,  калі дазваляе здароў’е, хадзіць у лес па  ягады і грыбы, на якія вельмі багатая растаўская зямля.

На яе думку, шчаслівыя моманты трэба знаходзіць у кожным пражытым дні, а не чакаць, калі шчасце прыйдзе да цябе само. Аптымістка па натуры, яна дае нам карысныя парады: “Любая цяжкасць – часовая з’ява, і пасля чорнай паласы заўсёды будзе белая”.

Лідзія Мартынаўна  – сучасны чалавек. Яна  знаходзіць агульную мову з моладдзю, а яе сівізна – гэта прыкмета жыццёвай мудрасці, душэўнага багацця, якім педагог-ветэран ахвотна дзеліцца з іншымі людзьмі.

Першага студзеня Лідзія Мартынаўна адзначыла дзевяностагадовы юбілей.  Жадаем ёй  моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, клопату блізкіх і цеплыні родных сэрцаў.